
27 ліпеня на Краснапольшчыне адбылася творчая вандроўка носьбіта музычнага фальклору малой радзімы В.М. Саранкова па жніўных палетках раёна.
Суправаджала вандроўку метадыст РЦК Валянціна Марчанка, якая прадстаўляла творчы партрэт гарманіста і чытала вершы, прысвечаныя і гармоніку, і таленавітаму майстру ігры.
Віктар Міхайлавіч Саранкоў – заўзяты гарманіст. Авалодаў інструментам з дзяцінства. На працягу жыцця не разлучаўся з гармонікам: іграў на вясковых святах і вячорках, танцавальных маладзёжных вясковых пляцоўках. А між тым, ён усё жыццё прысвяціў рабоце на трактары. Таму камбайнеры-хлебаробы цёпла сустрэлі Віктара Міхайлавіча і вельмі прыязна адгукнуліся на яго творчасць.
Памяць Віктара Міхайлавіча добра захоўвае мелодыі народных песень і танцаў, якія бытавалі на Краснапольшчыне. Пад яго акампанемент народныя мелодыі набываюць асаблівы каларыт і мастацкія адценні. Гарманіст валодае добрым музычным слыхам, хоць не мае музычнай адукацыі. На слых успрымае любую народную песню і імправізуе з яе мелодыяй. Частушкі, танцы, народныя песні гучаць задорна, весела, пранікнёна і заўсёды добра ўспрымаюцца гледачамі.
З 2015 года гарманіст прыцягваецца да розных мерапрыемстваў: ён акампаніруе аматарскім калектывам сельскіх дамоў культуры, індывідуальным выканаўцам, прымае ўдзел у канцэртах і конкурсах, у метадычных формах работы па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”. На Краснапольшчыне ён стаў вядомы як “маленькі чалавек з вялікім талентам”.
В.М. Саранкоў за выканальніцкае майстэрства быў адзначаны дыпломам 2-й ступені конкурса, што праводзіўся ў г. Слаўгарадзе, дыпломам 1-й ступені абласнога конкурса “Скарбніца Падняпроўя”. Неаднаразова прыцягваўся да ўдзелу ў абласным свяце “Дажынкі”, да мерапрыемстваў міжнароднага форума “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства”.
Зараз гарманіст рыхтуецца да ўдзелу ў конкурсе гарманістаў і выканаўцаў прыпеўкі “Падняпроўскі гармонік”, які праводзіцца Магілёўскім метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.
В. Аляксандрава.
Фота В. Сямякінай.